«Хлопцы Пасялковыя». Узнагароды з Ліпецка

Народны мужчынскі вакальны ансамбль “Хлопцы Пасялковыя” Хоцімскага раённага Цэнтра культуры, удзельнікі якога з’яўляюцца членамі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорта і турызма,  адзначыўся чарговым удзелам у маштабным культурным мерапрыемстве міжнароднага ўзроўню. З 27–29 мая ў горадзе Ліпецк Расійскай Федэрацыі прайшоў II Міжнародны фестываль народнай творчасці “Ты, Расія, і сэрца, і песня мая!” імя заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Андрэя Місцюкова. Фестываль народнай творчасці праводзіцца ў Ліпецкай вобласці з 1989 года і стаў адным з самых значных культурных форумаў Расіі, удзел у ім для непрафесійных аматарскіх калектываў і салістаў у вакальным і харэаграфічным мастацтве надае значны статус, бо ацэньваюць канкурсантаў прафесіяналы самага высокага ўзроўню з Масквы, Пецярбурга, Варонежа. З 2019 года фестываль атрымаў статус Міжнароднага, а сёлета ўключаны ў план Года культурнай спадчыны народаў Расіі. Ансамблі з 24 рэгіёнаў Расіі, Казахстана і Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел у конкурснай праграме непасрэдна ў Ліпецку, Рэспублікі Сербія і Паўночная Македонія ўдзельнічалі анлайн. «Хлопцы Пасялковыя» ўжо не першы раз прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь на такім высокім узроўні. І практычна заўсёды ініцыятыва зыходзіць ад арганізатараў. Запрашэнне ў Ліпецк Валерыю Жадану, Віталію Нікульчанку і Дзянісу Шалганаву даслала дырэктар Абласнога Цэнтра народнай творчасці і кіно названага горада Вольга Калыбельская, з якой нашы “Хлопцы” пазнаёміліся ў Калінінградзе на іншым фестывалі. Кіраўнік калектыву Валерый Жадан успамінае аб маштабнасці мерапрыемстваў: “Ансамблі, якія прыехалі ў Ліпецк са ўсёй Расіі, налічвалі парой да паўсотні ўдзельнікаў, але і наша сціплае трыо на агульным фоне незаўважаным не засталося. Проста падзяляць сцэну з такімі легендарнымі калектывамі, як напрыклад, Варонежскі акадэмічны рускі народны хор імя Папова – гэта ўжо дасягненне”. Ансамбль “Хлопцы Пасялковыя” прыняў удзел у адкрыцці фестывалю ў Ліпецку сумесна з ансамблем “Авантюрин” з Гур’еўска Калінінградскай вобласці, выступіў на сцэне Дома Культуры “Руднічны” і ў ліку пяці лепшых калектываў закрывалі фестываль на галоўнай плошчы Ліпецка. У рамках конкурснай праграмы хацімчане ўдзельнічалі ў намінацыі “Ансамблі народнай песні” і папоўнілі пералік сваіх дасягненняў яшчэ дзвюма ўзнагародамі: Дыпломам за выканаўчае майстэрства і Спецыяльным Дыпломам за папулярызацыю твораў самабытных беларускіх аўтараў.

Аляксандр.Аляксандрын, метадыст РЦК, ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»

«Хлопцы Пасялковыя». Узнагароды з Ліпецка (hotimskcks.site)