У Хоцімскім раёне прайшлі засеўкі

Сучасныя інавацыі і традыцыі ідуць поплеч у беларускім грамадстве. Укараняючы новыя падыходы і тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, беларусы працягваюць шанаваць абрады і рытуалы сваіх продкаў. У Хоцімскім раёне 10 красавіка правялі старажытны абрад «Засеўкі». У тэатралізаваным дзействе, якое прайшло на полі ААТ «Кастрычнік-Бярозкі» прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі раёна на чале са старшынёй райвыканкама Геворгам Мелканянам, а таксама старшыні гаспадарак. Першая сімвалічная ніва на Хоцімшчыне была засеяна асвечаным настаяцелем Свята-Троіцкага Сабора айцом Паўлам збожжам. Засеўкі разам з Зажынкамі і Дажынкамі з’яўляліся ў нашых продкаў галоўнымі святамі, якія заўсёды суправаджаліся гуляннямі, абрадавымі песнямі. Тэатралізаваную рэканструкцыю прадэманстравалі гасцям работнікі раённага Цэнтра культуры. Кіраўніку раёна быў паднесены каравай ураджаю 2022 года, як сімвал багацця, працы і славы ўсіх работнікаў Хоцімшчыны, у яшчэ некранутую баронамі зямлю, была ўваткнута сякера, якая адсякае пустазелле. Удзел у дзействах прынялі вядучыя народныя і фальклорныя калектывы РЦК: «Горлица», «Пацеха» і «Адраджэнне». Як стагоддзі таму нашы продкі жылі надзеяй на багаты ўраджай, так і сёння мы чакаем рэкордных цэнтнераў з гектара. Але адной надзеі мала. Цяпер усё ў руках хлебаробаў. А работнікам культуры заўсёды радасна і прыемна выязджаць на палі Хоцімшчыны, каб падтрымаць іх добрай песняй, узяць удзел ва ўзнагароджанні перадавікоў, правесці абрады Зажынак і Дажынак. Гэта і ёсць наш невялікі ўклад у агульную справу ў барацьбе за будучы ўраджай.

А.А.Александрын, метадыст РЦК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»