Хацімчане адсвяткавалі купалле

Купалле – вельмі старажытнае славянскае свята. І калі ў далёкім мінулым для нашых продкаў яно насіла рэлігійнае адценне, то ў сучаснасці  – гэта адно з любімых народных гулянняў з сваеасаблівымі традыцыямі і паданнямі, якія, напэўна, ведае кожны з дзяцінства. 6 ліпеня у Хоцімску ўдзельнікі народнага тэатральнага калектыва «Прамень» раённага Цэнтра культуры прапанавалі гледачам паглыбіцца ў гісторыю і паспрабаваць злучыць мінулае і сучаснасць: легенду аб папараць-кветцы з сучаснымі меркаваннямі і жаданнямі беларусаў. Выйшла цікава і пазнавальна. Аб гэтым сведчылі радасны смех і апладысменты хацімчан. Тэатралізаваныя мініяцюры перамяжоўваліся з музычнымі кампазіцыямі ў выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры. Канцэртная праграма плаўна перацякла ў танцавальную “Каму за…”. Каля купальскага вогнішча ў парку культуры і адпачынку сабраліся дарослыя і дзеці. Гледзячы на водбліскі купальскага агню кожны мог ачысціць сваю душу і загадаць жаданне, верачы, што купальская ноч – па-сапраўднаму чароўная. Святочная праграма скончылася дыскатэкай «ШАНС» у фае раённага Цэнтра культуры, якая працягнулася амаль што да самай раніцы.

Сяргей Кавалёў, метадыст ГУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»

https://www.hotimskcks.site/post/хацімчане-адсвяткавалі-купалле