Памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі ў Хоцімску ў Дзень Памяці і смутку

Акцыя «Звон смутку», прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, калісьці пачыналася, як ініцыятыва грамадскага аб’яднання Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і ставіла сваёй мэтай грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі, выхаванне павагі да гістарычнага мінулага, захавання пераемнасці пакаленняў. Сёння яна вырасла ў агульнарэспубліканскую патрыятычную акцыю, у якой бяруць удзел амаль усе пласты насельніцтва практычна ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.
У Хоцімску гэтае мерапрыемства сёння, 22 чэрвеня, было падзелена на 3 часткі. Раніцай неабыякавыя жыхары ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў, якія загінулі пры вызваленні Хоцімскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 11.00 моладзь, работнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і палітычных партый пры ўдзеле работнікаў раённага выканаўчага камітэта прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме на месцы масавага расстрэлу і пахавання амаль 800 мірных грамадзян фашысцкімі карнікамі ў верасні 1942 года. Падчас мітынгу ўдзельнікі ўсклалі кветкі да памятнага знака, настаяцель Свята-Троіцкага сабора айцец Павел прачытаў малітву аб загінуўшых, прадстаўнікі ўлады, ваеннага камісарыяту і актывісты нагадалі аб жахах самай кровапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва. Усе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне хвілінай маўчання.
Выхаванцы дзіцячых аздараўленчых лагераў устаноў адукацыі гарадскога пасёлка ўсклалі кветкі да брацкай магілы ў гарадскім скверы па вул.Кірава.
Роўна ў 12.00 дзеці, моладзь і неабыякавыя грамадзяне прынялі ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Хвіліна маўчання” – вялізным флэшмобе, падчас якога ўсе ўспомнілі аб подзвігу народа і выпрабаваннях, праз якія прыйшлося прайсці беларусам і іншым народам Савецкага Саюза ў гады вайны.

Сяргей Кавалёў, раённы цэнтр культуры г.п.Хоцімска