Народны мужчынскі ансамбль “Хлопцы пасялковыя” прынялі удзел у міжнародным песенным свяце ў Карэліі

У фіна-вугорскіх народаў ёсць цікавая прымаўка: “Калі птушка кракае, як качка, ходзіць, як качка, і лётае, як качка, значыць – гэтая птушка качка”. Сэнс народнай мудрасці можна выказаць так: не важна, кім сябе лічыш ты сам, важна тое, кім цябе лічаць навакольныя людзі. З якой нагоды я разумнічаю? Проста калектыў Хоцімскага раённага Цэнтра культуры «Хлопцы Пасялковыя» афіцыйна называюцца і пазіцыянуюць сябе як вакальны мужчынскі ансамбль, але пэўнае кола людзей зыходзячы з прафесійных якасцяў трыо Валерыя Жадана, Дзяніса Шалганава і Віталя Нікульчанкі, лічаць што, «Хлопцы Пасялковыя» – гэта хор. Інакш як растлумачыць той факт, што яны былі запрошаны і прынялі ўдзел у Міжнародным песенным свяце ў сталіцы Рэспублікі Карэлія Петразаводску, дзе сабралася звыш 80 акадэмічных і народных дарослых і дзіцячых хароў з усёй Расіі.

Міжнароднае песеннае свята ў Петразаводску праходзіла з 11 па 13 чэрвеня гэтага года, было прымеркавана да Дня Расіі (12 чэрвеня) і з’яўляецца галоўным творчым форумам усяго харавога руху Карэліі. А тром Хоцімскім вакалістам чарговы раз дастаўся гонар увасабляць і прадстаўляць на міжнародным узроўні Рэспубліку Беларусь. З кожнай новай паездкі на фестывалі ці агляды-конкурсы «Хлопцы Пасялковыя» вяртаюцца з масай яркіх уражанняў і абавязкова з Дыпломамі, Граматамі і іншымі ўзнагародамі, на гэты раз яны вярнуліся, запазычыўшы пэўны вопыт. Па-першае, хлопцы выступілі на адкрыцці Міжнароднага песеннага свята на галоўнай плошчы Петразаводска імя Кірава ў складзе зводнага хору ўсіх удзельнікаў. Агульная колькасць харыстаў (уключаючы і траіх нашых) была больш за 2000 (!) чалавек. Людзі, дасведчаныя пацвердзяць, што далёка не кожны прафесійны вакаліст і з шматгадовым досведам здольны такое зрабіць. Па-другое, Гімн Рэспублікі Карэліі беларусы выконвалі ў складзе гэтага хору на карэльскай мове. І хоць тэкст усім удзельнікам выдалі загадзя, і нават рускую транскрыпцыю падалі, заяўляю, як недавучаны філолаг: для славянскага вуха (рускага, беларускага — не важна) любая фіна-вугорская мова – гэта набор невымоўных цягучых гукаў і вымаўленне такое, што ў прамым сэнсе сківіцу вывіхнеш. І вось гэтую “абракадабру” трэба яшчэ і праспяваць! У складзе двухтысячнага хору! І нават гэта яшчэ не ўсё. Апроч карэльскага «Хлопцы» спявалі яшчэ на вепскай мове. Вепсы – гэта малы фіна-вугорскі народ. Спецыяльна ўдакладніў у навуковых крыніцах: усяго вепсаў у Карэліі пражывае крыху больш за 6 тысяч чалавек, а мову ведаюць на размоўным узроўні ўсяго каля 10% працэнтаў. Нескладана палічыць, што зводны хор у Петразаводску пераўзыходзіў, усіх вепсаў, якія яшчэ разумеюць, пра што спяваецца ў іх нацыянальным фальклоры амаль у два з паловай разы. Але гэта цікавае адступленне. Вяртаючыся да ўдзелу ў мерапрыемствах хоцімскага ансамбля, “Хлопцы Пасялковыя” акрамя адкрыцця выступілі ў рамках песеннага марафону, прадставіўшы праграму беларускіх песень, якая была асабліва цёпла сустрэта мясцовымі гледачамі. А да ўзнагарод ансамбля дадаўся Дыплом за подпісам Міністра культуры Рэспублікі Карэлія Аляксея Лесанена.

Аляксандр Александрын, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»

https://www.hotimskcks.site/post/народны-мужчынскі-ансамбль-хлопцы-пасялковыя-прынялі-удзел-у-міжнародным-песенным-свяце-ў-карэліі