У Хоцімску прайшоў рэгіянальны фальклорны фестываль “З крыніц жыватворных”

Беларуская культура – гэта шырокі спектр розных культурных мясцовых асаблівасцей. У нашай краіне вельмі шмат культурных акалічнасцей, якія робяць нашу культуру адметнай і непаўторнай. І ў гэтым вельмі заўважным з’яўляецца правядзенне рэгіянальнага фальклорнага фестывалю “З крыніц жыватворных”, які праходзіць ў Хоцімску. Сёлета у ім прынялі ўдзел шэсць творчых калектываў: народны фальклорны ансамбль “Адраджэнне” Хоцімскага раённага цэнтра культуры, фальклорны ансамбль “Бяседа” Трасцінскага сельскага Дома культуры, народны фальклорны ансамбль “Вербіца” Іваноўскага сельскага Дома культуры, фальклорны ансамбль “Вытокі” Забялышынскага сельскага Дома культуры, народны фальклорны ансамбль “Ліпаўчанка” Вялікаліпаўскага сельскага Дома культуры, а таксама народны фальклорны ансамбль “Медуніца” Бярозкаўскага сельскага Дома культуры, які, дарэчы, мае статус “Носьбіты песеннай спадчыны Рэспублікі Беларусь”.
Фестываль не прадугледжвае вызначэнне прызавых месцаў. Ды, шчыра кажучы, падчас правядзення дадзенага мерапрыемства мэта была зусім іншай. У сучаснасці, калі сапраўдных носьбітаў беларускай культуры засталося няшмат, асабліва што тычыцца фальклорнай спадчыны, любая дзейнасць у гэтым накірунку – сапраўдная каштоўнасць. Таму рэгіянальны фестываль “З крыніц жыватворных” – гэта чарговая магчымасць далучыцца ўсім ахвотным да беларускай традыцыйнай культуры, усвядоміць сябе праз народныя беларускія песні часткай беларускай культуры і адчуць сябе сапраўдным беларусам, бо проста немагчыма беларусу пачуць нашы народныя песні і не знайсці ў сваёй душы прыкметы прыналежнасці да агульнай спадчыны беларускага народа. Па выніках правядзення фестывалю ўсе ўдзельнікі дырэктарам ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна” былі ўзнагароджаны дыпломамі удзельніка.

Сяргей Кавалёў