У парку культуры і адпачынку г.п.Хоцімска адкрыты аздараўленчы сезон

Летнія канікулы можна правесці, як заўгодна. Можна проста нічога не рабіць увесь сезон, можна адправіцца на ўсё лета ў госці да бабуль і дзядуляў, а можна правесці гэты час з сябрамі ў пастаянных гульнях, прыгодах, цікавых сустрэчах, можна даведацца шмат новага, карыснага. Усе магчымасці апошняга пункта даюць летнія аздараўленчыя лагеры. І калі няма магчымасці адправіць дзяцей у стацыянарны лагер, якіх у Беларусі нямала, то на дапамогу вечна занятым бацькам прыходзяць лагеры дзённага знаходжання.

3 чэрвеня ў парку культуры і адпачынку гарадскога пасёлка Хоцімска адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця летняга аздараўленчага сезона і адкрыцця першых змен летніх лагераў на базе навучальных і забаўляльных устаноў Хоцімска. У прысутнасці намесніка старшыні Хоцімскага раённага выканаўчага камітэта Мікалая Хучава і начальніка аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама Алега Ткачова юнакі і дзяўчаты прадставілі свае лагеры творчымі прэзентацыямі. У прадстаўнікоў адміністрацыі Хоцімскага раёна апроч сустрэчы з дзецьмі была і яшчэ адна ганаровая місія. У красавіку гэтага года праходзіў першы адборачны этап Рэспубліканскага конкурса “Сям’я года”. Удзел у гэтым этапе прыняла сям’я Юліі і Сяргея Кавалёвых. Разам са сваімі дзецьмі Сцяпанам, Серафімай і Алёнай яны прадставілі на конкурс відэапрэзентацыю сваёй сям’і. Узнагародай за ўдзел стаў каштоўны падарунак і Дыплом за ўклад у захаванне і развіццё сямейных каштоўнасцей і традыцый за подпісам намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерыя Малашкі, якія і ўручыў сям’і Кавалёвых Мікалай Хучаў.

Гэтым летам у Хоцімску працуюць тры лагеры «Солнышко» на базе СШ№1, «Радуга» на базе СШ№2, і «Родничок» на базе раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Ветразь Надзей». Работнікамі раённага Цэнтра культуры для хлопчыкаў і дзяўчынак пасля афіцыйнай лінейкі былі падрыхтаваны гульнявыя праграмы. Старт летняму аздараўленчаму сезону 2022 дадзены.

Аляксандр АЛЯКСАНДРЫН